Сёлета спаўняецца 100 год з дня заснавання Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча - першага беларускага нацыянальнага музея, асноўнай мэтай якога былі збор, захаванне і папулярызацыя ў першую чаргу беларускай гісторыі, культуры і мастацтва. За кароткі перыяд свайго існавання, з 1921 па 1945 год, музей стаў цэнтрам беларускага культурнага жыцця Вільні і ўсёй Заходняй Беларусі, аб'яднаў вакол сябе дзеячаў нацыянальнага адраджэння міжваеннага перыяду. Але падзеі Першай сусветнай, а затым і Другой сусветнай войнаў прывялі да змены дзяржаўных межаў і палітычных улад, што стала прычынай ліквідацыі музея і падзелу яго калекцыі паміж Беларуссю і Літвой.