Палітвязня Вітольда Ашурка пасмяротна ўзнагародзілі крыжам Пятра Калнышэўскага „за годнасць у палоне”. Рашэнне прыняло Усеўкраінскае аб’яднанне „Краіна”. Адна з мэт гэтай грамадскай арганізацыі — вызначыць і ўзнагародзіць годных грамадзян.
Крыжам Калнышэўскага ўзнагароджваюць тых, хто быў узяты ў палон і не здрадзіў прысязе, праявіў узор мужнасці і непахіснасць перакананняў. За ўвесь час узнагароду атрымалі менш за 100 чалавек. Раней яе была ўдастоена яшчэ адна беларуская палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк. Яе ўзнагародзілі за цвёрдасць пазіцыі і мужнасць, праяўленыя падчас судовага працэсу.
А Вітольду Ашурку 18 студзеня суд прысудзіў пяць гадоў калоніі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і за пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. У пачатку траўня яго этапавалі ў шклоўскую калонію. А ў канцы траўня родным паведамілі, што Вітольд памёр. Імя Вітольда Ашурка яшчэ будзе ўшанавана ў Беларусі—кажа сяброўка сям’і Вольга Быкоўская. А украінскую ўзнагароду з Кіева забяруць сябры і перададуць родным.