11 траўня 2012.
Старыя знаёмцы і ідэйныя апанэнты Саўка ды Грышка абмяркоўваюць моўную сытуацыю ў краіне.
Грышка:
Савелій, я хачу задаць пытаньне,
Якое ўсё адно калісь паўстане:
Чаму ня мовіш ты па-беларуску
У нашым коле, дастаткова вузкім?
Саўка:
Шу, што атвеціць, дарагой таварышч?
Па-рускі ты прэкрасна панімаеш.
А што язык каверкаць? Нету смысла.
Я ўжо даўно па-рускі тока мысьлю.
Грышка:
Ты лічыш гэта добрым тонам, браце, –
Сьвядома роднай мовы выракацца?
Савелій, а калісьці ўсе прадметы
Вучылі ў школе мы на мове гэтай…
Саўка:
Ай, знаеш што, ня нада ўсё да кучы!
Наш рускі – он вялікі і магучы.
А беларускі – он жа вымірае.
Хто гаварыт на ім – адна старая
Ў дзярэўні, ну і кучка адмарозкаў,
Што цягнуць апазіцыі павозку.
Грышка:
Ах вось ты як?! А я хацеў па-свойску,
Хацеў па-таварыску, па-сяброўску.
А ты ўжо шавіністам стаў махровым
З тыповым гэткім стаўленьнем да мовы.
Саўка:
Рыгорушка, пажалуста, аксьцісь ты!
От тока шэвяльнісь ты – “шавіністы”!
С утра я наліваю чашку чаю
І цілявізар сразу жэ ўключаю,
Чытаю гасударсьцьвенную прэсу,
Хаджу ў кіно пагожым днём васкрэсным…
І ўсё па-рускі, усё вязьдзе па-рускі,
Ўключая куплю выпіўкі-закускі.
Грышка:
Савелій! Ты гаворыш на трасянцы
І рускім стаць ня маеш нават шанцу!
Саўка:
Няпраўда, у мяня чысьцейшы “рашэн”,
Ты проста мне завідуеш, дурашка!
Грышка:
Ты, Саўка, – частка шкоднае сыстэмы.
Мы вернемся пазьней да гэтай тэмы.
🎧 "Саўка ды Грышка. Песьні праўды. Год першы" soundcloud.com/svaboda/sets/sauka-dy-gryshka-pesni-praudy-god-pershy
🎧 "Саўка ды Грышка. 100 песень. Год другі." soundcloud.com/svaboda/sets/sauka-dy-gryshka-100-pesen-god-drugi